У каралеўстве чароўнага свята

Больш за 600 хлопчыкаў і дзяўчынак Узденского раёна былі запрошаны на дабрачынную прафсаюзную навагоднюю ёлку, якая адбылася 27 снежня ў раённым Доме культуры пры падтрымцы РГА Белая Русь і РК ГА БРСМ.

Сярод запрошаных на святочнае мерапрыемства былі дзеці членаў прафсаюза, дзеці-сіроты, выхаванцы падшэфных дзіцячых сацыяльных устаноў, дзеці з мнагадзетных, малазабяспечаных семяў. У фае іх сустракалі і віталі роставыя лялькі Апельсінка і Снегавік. Ва ўсіх жадаючых была магчымасць сфатаграфавацца з незвычайнымі персанажамі. Пры ўваходзе ў залу Дзед Мароз са Снягуркай праводзілі конкурсы, вадзілі карагоды, спявалі песні. Таксама працавала зона па аквагрыме.

У зале Дома культуры дзяцей чакалі захапляльная інтрыга, вясёлыя песні, дынамічныя танцы, яркія касцюмы і чароўная святочная атмасфера Новага Года — усё гэта ў навагоднім мюзікле “Цётачка Хвароба і Новы Год” па п’есе Наталлі Марчук падрыхтавалі артысты Мінскага абласнога драматычнага тэатра.

Злая Цётачка Хвароба і яе надакучлівыя пляменнікі Насмарк і Кашаль выкралі стрэлку ад чароўнага гадзінніка Дзеда Мароза. Праз некалькі гадзін час на ўсёй зямлі спыніцца, і Новы Год не наступіць ніколі. Як гэта бывае ва ўсіх казках, на барацьбу з цёмнымі сіламі выступаюць адважныя героі. Снягурка на роліках, Снегавік на лыжах адпраўляюцца ў далёкія Ледзяныя горы, у царства Цётухны Хваробы, каб прымусіць зладзейку вярнуць чароўную стрэлку.

У канцы мерапрыемства кожнае дзіця атрымала навагодні салодкі падарунак.

—Ужо становіцца добрай традыцыяй праводзіць для дзяцей падобнае святочнае мерапрыемства, — расказала старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Наталля Кананенка. — На казачнае прадстаўленне (а іх было два ў гэты дзень) былі запрошаны дзеці з райцэнтра і вёсак раёна. Падарыць увагу і пераднавагодняе свята вельмі важна, асабліва напярэдадні самага чароўнага свята, якога дзятва так чакае.

Таццяна МЯТЛІЦКАЯ, Сяргей ШАРАЙ (фота)


 
© 2008-2011
Минское областное объединение профсоюзов
220030 г.Минск, пл. Свободы, 23